Сосны ля лідскага замка На схіле ўзгорка, нібы падпіраючы замак, раслі дзве даўгалетнія сасны. Яны захаваліся дзякуючы пашыранаму сярод гараджан і навакольных жыхароў перакананню, што яны выраслі не на раслінным соку, а на крыві. Здарылася гэта быццам яшчэ ў часы, калі ў Літве панавала язычніцтва. Прыйшлі сюды дзевяць манахаў-францысканцаў прапаведаваць хрысціянскую рэлігію. Аднак ліцвіны, не жадаючы прымаць хрысціянства, забілі гэтых місіянераў, а іх трупы ўкінулі ў яму на схіле Лідскага замка. На гэтым месцы, не сеяныя і не саджаныя, выраслі дзве сасны, якіх ліцвіны, ужо стаўшы католікамі, не чапалі. Але вось аднойчы хтосьці адсёк галінку і з яе выступіла кроў. 3 той пары ніхто ўжо, не адважваўся ўзняць сякеру на гэтыя дрэвы… Аднак сёння тых соснаў няма. Лідчына // Наша слова. – 2006. — 19 ліпеня Легенды і паданні / [склад. М.Я. Грынблат і А.І. Гурскі; рэд. А.С. Фядосік]. – 2-е выд., дап. і дапрац. – Мінск, 2005. — С. 355
|