ПРА ТЫХ. ХТО ЗАМАК ЗБУДАВАЎ
Калі дакранаешся рукой да замшэлых замкавых сцен, міжвольна думаеш: як жа людзі маглі тады, у далёкім дрымучым ХІV ст., узвесці яго без механізмаў і машын? Любы сярэдні камень з кладкі сцяны важыць столькі, што яго ледзь адарвуць ад зямлі двое дужых мужчын. А колькі іх, такіх пасляледніковых “гарошын”, у сценах двухметровай таўшчыні! Самыя сціплыя падлікі паказваюць, што было сабрана і прывезена каля 23 000 м3 валуноў. Кожны з іх трэба было падабраць адпаведна колеру, памеру і старанна абчасаць. А колькі “тварылаў” спатрэбілася, каб гасіць вапну! Ці ўзяць тую ж цэглу. Каля паўтара мільёна штук лягло іх у сцены, і праз шэсць з паловай стагоддзяў цэгла як звон – хоць у печ, хоць у падмурак!
У час археалагічных раскопак давялося пераканацца, што Лідскі замак каменны ў поўным сэнсе слова. Тут нават замкавы двор цалкам збудаваны. Ды не ў адзін, а ў тры ярусы.
Сёння цяжка сабе ўявіць, што значыла ў тыя часы замкавая павіннасць. Страшэнным цяжарам клалася яна на плечы гвалтам адарванага ад дому, сям’і, гаспадаркі рамесніка і селяніна-ратая… Халодным, цяжкім валуном дакаціўся да нас тагачасны праклён: “Каб ты камені на замак цягаў…” Водглас тых пачуццяў і перажыванняў – у запісанай у Лідскім раёне народнай песні:
На цівунскім полі
Камяні цягалі,
А з тых каменняў
Муры будавалі.
Вежа паднялася
Над самай вадою,
Дзе мой сокал
Засеў за сцяною…
Няма сумнення, што замак у Лідзе будавалі перш-наперш самі гараджане, а таксама сяляне бліжніх і дальніх ваколіц. Але паколькі гэта быў важны стратэгічны фарпост супраць псоў-рыцараў, то для нарыхтоўкі жвіру, каменю, вапны і цэглы прыцягваліся, трэба думаць, рабочыя рукі з іншых тэрыторый Беларусі і суседняй Літвы.
Між тым з лёгкай рукі гісторыкаў Т.Нарбута і М. П.Бацюшкава ўсталявалася думка быццам будаўнікамі Лідскага замка былі майстры кіяўляне і палонныя валыняне… Калі будаўнікамі лічыць кіяўлян, дык у той зямлі, адкуль яны прыйшлі, павінны былі захавацца хаця б сляды мураваных кастэляў з іх тыповымі будаўніча-тэхнічнымі асаблівасцямі. Але ж іх там няма. Што да “палонных валынян”, то адкуль яны маглі ўзяцца ў пачатку ХІV ст., калі ў Валыні ў той час “…правілі члены літоўскай дынастыі, князі Гедымінавічы… падпарадкаваныя вялікаму князю літоўскаму”.