АДКУЛЬ ПАЙШЛА ЛІДА

         Сярэдняя паласа Беларусі, а значыць, і тэрыторыя, на якой цяпер стаіць горад Ліда і яе славуты замак, у даўнія часы – у канцы І тыс. н.э. – была заселена ўсходнімі балтамі. Яны пакінулі пасля сябе своеасаблівую археалагічную культуру штрыхавай керамікі і значны пласт гідранімаў і тапанімаў (назвы рэк, азёр і мясцовасцяў) балтыйскага паходжання. “Ліда”, “лідзімас” (блізкае да яго славянскае “ляда”) – таксама балцкае слова і азначае месца, расчышчанае і раскарчованае ад лесу. На адным з такіх месцаў, відаць, і ўзнікла паселішча, якое пазней, недзе ў канцы ХІІ ст., паклала пачатак гораду пад назвай Ліда.

         Доўга лічылася, што горад існаваў там, дзе ў пачатку ХІV ст. узнік мураваны замак. Але археалагічныя даследванні Лідскага замчышча гэта меркаванне не пацвердзілі. Старажытную Ліду трэба яшчэ адшукаць. Вядома толькі, што яна была заснавана недзе каля 1180 г.