Дзве сасны Амаль да самага пачатку Вялікай Айчыннай вайны каля адной са сцен Лідскага замка раслі дзве старыя сасны. З мясцовых жыхароў ніхто не ведаў колькі гадоў, а можа нават стагоддзяў назад яны там з’явіліся. Але з пакалення ў пакалення перадавалася наступная лягенда аб іх. Дзве княжны Лідскага замка былі заварожаны калдуном і пераўтвораны ў дзве сасны. Гэтыя чары можна было зняць толькі адслужыўшы ў касцёле службу ў пэўны дзень і ў пэўны час, пры пэўным рытуале. Тайны чараў ведаў толькі адзін ксёндз. Але як толькі ён падыходзіў да алтара, каб зняць гэтыя чары, то аказвалася, што для правядзення службы не хапае атрыбутаў. Але якіх, так і не ўдавалася высветліць. Служба так і не адбылася і чары не былі зняты. Быў час, калі людзі, якія не ведалі гісторыі пра дзве сасны, спрабавалі іх спілаваць. Але пры надрэзе з іх прасочвалася вадкасць чырвонага колеру, якая нагадвала кроў. Гэта і палохала людзей, таму і век у сосен быў такі доўгі. Хадзілі чуткі аб тым, што калі сосны спілаваць, то пачнецца вайна. У 1941 г. чыясці нядобрая рука на гэта адважылася. |