ШТО ЗВЕДАЎ ЛІДСКІ ЗАМАК
Беларускія землі з XIV ст. увайшлі ў склад Вялікага Княства Літоўскага. Разам з літоўцамі і ўкраінцамі насельніцтва Беларусі мужна змагалася супраць крыжакаў і татар, чый націск асабліва ўзмацніўся ў пачатку XIV ст. Татарскія загоны ўсё часцей і часцей з’яўляліся на левабярэжжы Нёмана. Новай сталіцы Літоўскага княства г. Вільні пагражала Лівонія.
У 1323 г. князь Гедымін загадаў залажыць у Лідзе мураваны замак. Новы абарончы фарпост прынёманскіх зямель будаваўся каля пяці гадоў.
Пасля смерці Гедыміна Ліда стала сталіцай удзельнага княства. Першы яе князь быў Альгерд. Пры ягоным сыне Ягелу паміж літоўскімі князямі пачаліся доўгія звады за вялікакняскі прастол. Гэта скарысталі крыжакі. У 1384г., пасля працяглай аблогі і штурму, яны ўзялі замак і часткова яго разбурылі. У снежні 1392г. атрады рыцараў на чале з камандорамі Янам Румпенгаймам, Кондарам Ліхтэнштэйнскім і іх саюзнікам Вітаўтам пераправіліся цераз Нёман і праз скаваныя маразамі балоты падышлі да лідскіх сцен. Разам з імі паспытаць рабаўнічага шчасця прыйшлі і англійскія рыцары, якіх узначальваў малады граф П. Нартумберленгскі.
Запаліўшы падзамча і абрабаваўшы горад, драпежнікі аблажылі замак. Князь Дзмітрый Карыбут, што кіраваў абаронай, меў даволі сілы, але, напалоханы рыцарамі, вырашыў здаць замак. Прычакаўшы ночы, князь з гарнізонам пакінуў крэпасць і падаўся ў бок Навагрудка. Рыцарам дасталося шмат зброі і ваеннага рыштунку.
Узімку 1394г. рыцары зноў напалі на Ліду, і зноў у паходзе прымалі ўдзел англічане на чале з графам Бэдфардам, а таксама французскі атрад. Але на гэты раз чужынцам пажывіцца не ўдалося: жыхары Ліды самі спалілі горад і, запёршыся ў замку, мужна адбілі ўсе варожыя штурмы.
З 1396 па 1399 гг. у Лідзе жыў выгнаны з Залатой Арды хан Тахтамыш: князь Вітаўт спадзяваўся вярнуць яму трон, а потым выкарыстаць яго ў барацьбе супраць Маскоўскага княства. Але ў бітве на Ворскле і дружыны Вітаўта, і ягоныя планы былі разбіты войскамі саперніка.
А 5 жніўня 1405г. пад сценамі Ліды з’явіліся атрады смаленскага князя Юрыя Святаслававіча. Князь ішоў выручаць з няволі сваю сям’ю, якую годам раней Вітаўт паланіў, захапіўшы Смаленск. Пасля некалькіх марных штурмаў смаляне асаду знялі, так і не ўзяўшы замка. Не паддаўся замак і князю Свідрыгайлу (1433), які вёў доўгую вайну з Сігізмундам.
З 1434 па 1443г. крэпасць стала прытулкам для яшчэ аднага хана-выгнанніка – Даўлет Хаджы-Гірэя. Праўда, лёс яго быў шчаслівейшы за Тахтамышаў: з дапамогай літоўскіх князёў ён стаў ханам перакопскіх татар.
Пасля доўгага зацішша толькі ў 1506г. пад сценамі Лідскага замка паказаўся адзін з загонаў крымскіх татар, аднак пачаць штурм крэпасці яны не рызыкнулі.
У час зацяжных войнаў паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай каменныя сцены замка адчулі моц асаднай тэхнікі. Улетку 1659г. узброенае артылерыяй 30-тысячнае войска князя Мікіты Хаванскага нарэшце ўзяло замак прыступам. Моцна пашкоджаны, ён быў разбураны ўшчэнт у 1702г., калі адзін са шведскіх атрадаў падарваў замкавыя вежы. Пад час вайны з Карлам ХІІ, у 1710г., Лідскі замак стратэгічнага значэння ўжо не меў. Ён разбураўся ўсё больш і больш, пакуль не засталіся адны руіны.