Жыватворная крыніца Жыла калісьці за сценамі Лідскага замка прыгажуня дзяўчына. Завітаў аднойчы ў свой замак князь Гедымін. Убачыў дзяўчыну і закахаўся ў яе. Нішто здавалася не магло перашкодзіць іх шчасцю. Але зноў пачалася вайна. Узяў князь меч і баявыя даспехі і павёў сваё войска на ворага. Ваявалі доўга. Цэлых 17 гадоў. Але не забыў ён сваю прыгажуню-панначку. І яна таксама засталася верная клятве. Усе семнаццаць гадоў чакала толькі яго. І нарэшце настаў дзень. І гучна заспявалі трубы. І ў двор Лідскага замка ўехаў на баявым кані праслаўлены воін — князь Гедымін. Насустрач яму выйшла незнаёмая сівая жанчына і нізка пакланілася. Аслупянеў князь. Адступіў назад. “Заходзь, гэта ж я – твая нявеста” – паклікала яго жанчына. Не зрабіў князь ні кроку. А панначка падбегла да акна і кінулася галавой уніз. Апамятаваўся князь, сарваў з сябе меч, пабег уніз па лесвіцах, укленчыў на двары над распрасцёртай панначкай. І раптам убачыў, што ляжыць перад ім усё тая ж маладая, прыгожая дзяўчына. Доўга сумаваў Гедымін. Часта яму бачылася панначка ў сне. Пасярэдзіне замчышча калісьці быў калодзеж. Даўно ўжо ніхто ў гэтага калодзежа не браў вады і засыпалі яго пяском, ды завалілі валунамі. Мовілі быццам вада там сапсавалася. Але ў тую ж ноч з’явілася князю ў сне панначка. Быццам ўселася яна ў нагах і прасіла раскапаць стары калодзеж, кажучы князю, што было ў яе адзінае акенца, праз якое яна на волю, на сіняе неба глядзела, а цяпер закрылі яго, засыпалі ёй вочы пяском. Так увесь дзень князь раскопваў, выцягваў са старога калодзежа смецце ды каменне, а праз ноч зазвінела, заспявала па крынічных каменнях чыстая, празрыстая, як сляза вадзіца. Запісана з відэафільма “Жыватворная крыніца”, тэлеканал БТ |