Будаўніцтва Лідскага замка

      Мясцовыя жыхары напэўна таксама ўдзельнічалі ў будаўніцтве замка і збіралі ў мясцовых лясах і на палях камяні для ўзвядзення сценаў. Паколькі справа гэта была вельмі цяжкая, нездарма захаваўся праклён: «Каб ты на Лідскі замак каменне цягаў!» Згодна адной старой легендзе, калі ў ваколіцах амаль не засталося камянёў быў выдадзены строгі загад: не ўпускаць у Ліду ні пешага, ні коннага без камянёў. Коннаму – цэлы воз камянёў прывезці, а пешаму — хоць адзін замест пропуска здаць за брамаю варце.

   Калі камянёў набраліся цэлыя горы, іх рассартавалі па памерах, па колеры і пачалі ўзводзіць сцены. На пабудову Лідскага замка людзі сабралі каменне з палёў і лясоў на 100 вёрст вакол, і той, хто задумаў паставіць печ, або закласці пад дом каменны падмурак, мусіў купляць камяні па дарагой цане, або ехаць па іх ажно пад Вільню. Пакутавалі людзі праз гэта цэлыя стагоддзі, пакуль не пачалі трэскацца і рассыпацца сцены старога замка. Вось тады і пайшла пагалоска, што кожны камень, які сарваўся з замкавай гары, каціўся да таго самага месца, з якога калісьці быў падняты…

  

Запісана падчас экскурсіі па Лідскаму замку