Асілкі

Было гэта ў часы, калі сярод людзей жылі волаты, якія баранілі край наш, разам са слугамі збройнымі на быстрых канях з суліцамі…
   Баранілі асілкі дубы сьвятыя, да звычаі Рода. I ніхто не прыбегаў сюды рабаваць. Ні Ледзяне, ні Ўрмане, бо ведалі моц волатаў. I быў князем тады Скаманд.
   Сквапны і жорсткі. Прамовіў ён да людзей – “Няма ворагаў, няма вайны, а сколькі ежы на волатаў выдаткуеце. А колькі скуры на абутак, на адзенне… А піва та, піва колькі выпіваюць?! А я — вас у тры разы танней бараніць буду.” Падумалі людзі, і пагадзілісь. Дурныя, бо.
   Пайшлі да волатаў і кажуць — не патрэбны — ідзіце прэч. Тяжка ўздыхнулі асілкі, абразілісь…
   Але любілі Край і людзей, болей за ўсяго. I вырашылі. Сыходзіць — не будуць. А зробяць — хто ў дубы перакінецца, хто, віпіўшы сонны зелак — паляжа спаць… і наказалі — калі патрэба якая будзе-то будуць словамі моцнымі і травой — кветачкой росной. Словы князю Скаманту і ваярам яго пакінулі.
   I паснулі. Вецер пылам-зямлей прысыпае, лісьцце — хвой завее. Курганы ўтварылісь, некаторыя мо ў 40 крокаў. Сьпяць, чакаюць, што паклічуць Край бараніць.
   А словы і зелкі Скамант схаваў ў нетрах возера патаемнага.
   Прайшоў час, пачаў збіраць з плуга сам-тры, болей за Волатаў.
   Сквапны. Бессаромны.
   А маці Скаманта плакала, гледзячы на брыдоты сына, шкадавала, ад слёз утварылась рэчка, што пабегла да горада, які на плесе быў. А на сэрцы камень вялікі стварыўся ў яе…
   Плакала маці, аж да скона сына свайго, а, як той сканаў, сама ў вырай адыйшла, а камень з душы пляснуўся, пабіўся, аскепкі аж да Лідзейкі, на бераг перад горадам вынесла. I назвалі людзі рэчку Скаманкай, а з часам, калі запамяталі аб Скаманте, па вялікім каменням (якое дзіва на дрыгве) — Каменкай.
   А каменні тыя адны кажуць — дрыгвай засмактала, другія — Лідзейка, кроўны Гедземіна на замак аднёс.

 

Захаваны аўтарскі тэкст. Шаўчэнка, М.Б. “Пляснуўся з неба Цмок…” — Онікс, 2010.