Легенда аб арліным гняздзе

               Ужо некалькі гадоў вялікі князь Гедымін кіраваў Вялікім Княствам Літоўскім у Навагрудку. Усе гэтыя гады прайшлі ў цяжкіх вайсковых паходах супраць іншаземных ворагаў.

        На поўначы княства не было ніводнага абарончага збудавання супраць крыжакаў. Гэта пазней будуць пабудаваны Віленскі, Трокскі і Крэўскі  замкі.

        Гедымін любіў прынёманскі край: у рэках і азёрах там было шмат рыбы, у лясах – дзікіх звяроў. Таму між вайсковымі паходамі князь часта бавіў час на паляванні ў Прынямонні. Паляванне, як і вайсковыя паходы, тады лічылася праўдзівым мужчынскім заняткам.

        Вось і зараз, набіўшы шмат дзічы, Гедымін вяртаўся ў Навагрудак. Конь Гедыміна стаміўся, і князь вырашыў напаіць яго, убычыўшы наперадзе невялікую раку. Падышоўшы да яе, Гедымін пачуў дзіцячы плач. Паглядзеўшы навокал, князь убачыў вялікі дуб, а на ім арлінае гняздо, вось адтуль і гучаў плач. Гедымін загадаў сваім падначаленым зняць з дрэва дзіця, і калі вярнуўся у навагрудак, аддаў хлопчыка на выхаванне ў княжацкі двор. Паколькі дзіця было знойдзена ў гняздзе (па-балцку –lizdas), хлопчыка празвалі Ліздзейка.

        Ліздзейка хутка рос, ён адрозніваўся ад астатніх дзяцей тым, што тлумачыў сны, меў здольнасці да прадказанняў. Усё гэта паспрыяла таму, што Ліздзейка стаў вярхоўным жрацом Вялікага Княства Літоўскага.

        Аднойчы Гедымін вяртаўся з паўночнага паходу. Адпачынак прызначыў на ўзвышшы над ракой Вільня. Ноччу князь убачыў сон: на гары стаіць жалезны воўк і раве як сотня ваўкоў. Прачнуўшыся, Гедымін звярнуўся да жраца растлумачыць сон. Ліздейка сказаў: “Воўк жалезны – значыць, быць гораду сталіцай, а тое, што ён раве як сто ваўкоў, — значыць, аб славе горада будзе ведаць увесь свет”. Так паўстала сталіца ў будучым мацнейшай еўрапейскай дзяржавы Вялікага Княства Літоўскага – Вільня. Таму, што менавіта ля ракі Вільня было прызначана месца для новай сталіцы, паспрыяў вярхоўны жрэц Ліздзейка.

        Думаў Гедымін, як падзякаваць Ліздзейцы, і вырашыў пабудаваць замак на там самым месцы, дзе знайшоў калісьці маленькага хлопчыка на дрэве ў арліным гняздзе.

        Шмат часу прайшло, і па сённяшні дзень мы бачым падзяку вялікага князя Гедыміна галоўнаму жрацу ВКЛ Ліздейцы – прыгожы моцны замак, каля яго цячэ рака Лідзейка. А ўсе мы, лідзяне, з’яўляемся жыхарамі Ліды – жыхарамі “арлінага гнязда”.

 Запісаў Станіслаў Робертавіч Беркус.