Каралеўскі ўезд у лідскі замак У лютым 1422 года ў Лідскім замку шырока і бліскуча адзначаўся шлюб прыстарэлага 71-гадовага караля Ягайлы з маладзенькаю 17-гадовай Соф’яй Гальшанскай. Справа ў тым, што для Ягайлы гэта быў чацвёрты шлюб, першыя яго тры жонкі памерлі, так і не пакінуўшы наследніка. Соф’я ж нарадзіла Ягайлу двух сыноў – Уладзіслава, Казіміра і стала заснавальніцай дынастыі Ягелонаў. Шлюб паміж Ягайлам і Соф’яй быў заключаны ў Навагрудскім фарным касцёле, а затым маладыя прыехалі ў Ліду. Вясёлыя баляванні працягваліся да вялікага паста.Магчыма і першая шлюбная ночь была праведзена ў пакоях Лідскага замка. Згодна паданню, ў замку загаддзя рыхтаваліся да сустрэчы маладых. Узімку 1422 г. у тэрміновым парадку быў прабіты каралеўскі ўезд ва ўсходняй сцяне. Да каралеўскага праезду павінны былі мост пабудаваць, але пры археалагічных раскопках рэшткаў не знайшлі. Мабыць быў збудаваны пантонны мост, хоць Вітаўт быў «гаразд» на цуды, мог і ледзяны зрабіць. Сліўкін, В. Будаўніцтва Лідскага замка і ўладкаванне прылеглай тэрыторыі (14-15 стагоддзі) / Валерый Сліўкін // Лідскі летапісец. – 2006. — № 4 (№ 36) // Наша слова. – 2006. — 19 ліпеня. |