“ВЕЖА ПАДНЯЛАСЯ НАД САМАЙ ВАДОЮ…”
Адначасова са сценамі ў паўднёва-заходняй часцы замка была пабудавана вежа. Яе фундамент, адкрыты ў час раскопак 1970 г., і фундамент сцяны замка канструкцыйна звязаны паміж сабою. Таўшчыня вежавых сцен (у плане вежа блізкая да квадрата памерамі 11,3 х 11,3 м) дасягала 3 м.
Цяжка ўявіць сабе архітэктурныя і фартыфікацыйныя асаблівасці вежы, ад якой застаўся толькі фундамент. Але дакументы канца ХІХ ст. (асобныя фрагменты вежы былі тады цэлыя) дазваляюць сцвярджаць, што яна была значна вышэй за 12-метровыя сцены замка. Яе апошні паверх быў выкладзены з цэглы і, пэўна, меў байніцы.
Ёсць меркаванні, што менавіта ў вежы знаходзілася праваслаўная замкавая царква. Т. Нарбут, напрыклад, лічыць, што царква размяшчалася ў адной з вежаў з самага заснавання замка аж да 1533 г., калі яе перанеслі ў горад і назвалі царквой Георгія Перамоганосца. Сапраўды, у час археалагічных пошукаў на падлозе колішняга паверху былі знойдзены рэшткі абліцовачных плітак і абломак нейкага аздаблення з камяню. Унутранай прасторы вежы (8,3х8,3 м) хапала, каб у ёй размясцілася невялічкая цэркаўка.
Калі ад паўднёва-заходняй вежы ацалеў амаль адзін фундамент, то другая, паўночна-ўсходняя, дайшла да нашых дзён у выгладзе руін, якія і сёння дасягаюць вышыні каля 4 м. Дакладна вызначыць, калі яна была ўзведзена, цяжка: гэта магло быць альбо пасля 1384 г., калі крыжакі часткова зруйнавалі замак, альбо на рубяжы ХІV і ХV ст., калі скрозь па Беларусі, рыхтуючыся даць рашучы адпор крыжакам, княскія ўлады ўдасканальвалі свае абарончыя збудаванні. План вежы – перакошаны рознабаковы чатырохкутнік. Уражанне такое, быццам будаўнікі вельмі спяшаліся. Археалагічнае вывучэнне стыкаў фундаментаў вежы і сцяны замка паказала, што паміж імі няма канструкцыйнай сувязі, — важкі доказ, што будавалі іх у розныя часы. Вежу ўзводзілі метадам даволі пашыранай на Беларусі так званай “лускавай кладкі”; “шчокі” сцен выкладваліся з цэглы. Абліцоўка, якая пачыналася ад цокалю фундамента, — з вялікамернай цэглы.
Дах вежы пакрывала чарапіца, рэшткі яе знойдзены пры раскопках. З іншых знаходак хацелася б адзначыць кавалкі кафлі, абломак паліхромнай пліткі са слядамі чырвонага і чорнага роспісу, рэшткі глінянага і шклянага посуду ХІV і ХVІІ ст. ст. Усё гэта сведчыць пра тое, што асобныя паверхі вежы служылі жытлом. Знаходкі пацвярджаюць думку таго ж Т. Нарбута, што на верхнім паверсе вежы былі раскошныя пакоі і залы, а ў ніжніх – суд, архіў, турма, сляды якіх можна было яшчэ ўбачыць у канцы ХVІІІ ст.