Лідскі замак – своеасаблівае ваенна-абарончае збудаванне XIV ст. Ён узнік у тыя трывожныя гады, калі націск крыжакаў на беларускія і літоўскія землі дасягнуў найбольшай сілы. Процістаяць такому націску маглі толькі тыя крэпасці, якія адпавядалі тактыцы ваенных атрадаў, узброенных першакласнай асаднай тэхнікай. З ХІІ па XIV ст. у Паўночнай Еўропе і Прыбалтыцы ўсталяваўся тып крэпасцяў-кастэляў (ад лацінскага слова castellum – замак, крэпасць). Іх аснова – высокія і магутныя сцены ў выглядзе чатырохкутніка, пад аховай якіх размяшчаўся і жыў гарнізон. Асабліва многа кастэляў пабудавалі лівонскія рыцары на захопленых землях Прыбалтыкі. Невялікія сваімі памерамі, гэтыя кастэлі былі базамі захопнікаў, пунктамі збору даніны з пакораных народаў, а часам і месцам кірмашоў тутэйшага насельніцтва.
Узяўшы за аснову тып рыцарскага кастэля, дойліды Лідскага замка творча падышлі да вырашэння складанай задачы: на грунце мясцовых будаўнічых традыцый яны стварылі магутную крэпасць, прыдатную для патрэб абароны.
Будаўнікі ўдала скарысталі рэльеф мясцовасці, абраўшы балоцістую нізіну, там, дзе рачулка Каменка ўпадае ў Лідзею. Тут, на выспе, насыпанай з пяску і жвіру, і быў узведзены замак.
Сцены замка ў плане нагадваюць трапецыю, большае аснаванне якой глядзіць на поўнач, туды, адкуль найчасцей паграджала ваенная небяспека. Перад паўночнай сцяной (даўжыня блізка 93,5 м) ляжаў глыбокі і шырокі роў, які, відаць, залівалі вадою. Паўднёвую сцяну (даўжыня каля 80 м) прыкрывалі балоцістыя берагі Каменкі і Лідзеі. Даўжыня заходняй і ўсходняй сцен – адпаведна 84 і 83,5 м.
Замак меў два ўваходы, якія праразалі тоўшчу ўсходняй сцяны непадалёку ад паўночна-ўсходняй вежы. Меншая брама, пры шырыні праходу 2,5 м і вышыні 3 м, мела стрэльчатую арку, абліцаваную цэглай. Другая, большая, моцна пашкоджаная ў час войнаў, цяпер замуравана. Яна мела прыблізна 4,5 м шырыні і каля 6 м вышыні. Паводле графічных малюнкаў ХІХ ст., можна думаць, што гэта брама мела паўцыркульную арку.
Тое, што замак меў два ўваходы блізка адзін ля аднага, іх розныя памеры наводзяць на думку, што прызначэнне ў іх было рознае. Меньшая брама, пэўна, была як бы “чорным” ходам. Другая, бліжэй да вежы, магла быць параднай і адчынялася для ўрачыстай сустрэчы князя або гасцей.
У паўднёвай сцяне замка, на вышыні каля 2 м, захаваліся сляды паўцыркулярнага праёма шырынёю ў 2,5 м і вышынёю каля 3,9 м. Гэты праём, як і аналагічны яму ў Крэўскім замку, знаходзіцца ў найбольш “спакойным” месцы, якое лепш за іншыя “абараняла” сама прырода. Таму і нямя тут штучных умацаванняў. Можна меркаваць, што праём быў як бы запасным выхадам для гарнізона ў крытычныя моманты абароны.
Паўднёвая сцяна цікавая для нас яшчэ і тым, што тут захаваліся (праўда, часткова, у дэфармаваным выглядзе) байніцы, якія некалі былі на ўсіх сценах. Яны бяскамерныя і ў плане маюць форму трапецыі, звернутай шырокім аснаваннем да замкавага двара. Пры аднолькавай вышыні, байніцы мелі розную шырыню, і тры іх тыпы чаргаваліся на сцяне. Вядома, байніцы прызначаліся для стральбы з лукаў і арбалетаў, а пазней – і з лёгкай агнястрэльнай зброі. У сценах ніжэй байніц да гэтага часу ацалелі скразныя адтуліны ад бэлек; яны, відаць, служылі апорай для драўлянай галерэі-памосту, якая ішла па перыметры замкавых сцен.