← Базы данных

Мацулевіч Аляксандр

Аляксандр Мацулевіч

Аляксандр Іосіфавіч Мацулевіч (творчы псеўданім – Алесь Мацулевіч). Нарадзіўся 19 студзеня 1981 года ў Лідзе. Скончыў Лідскае педагагічнае вучылішча (2000), Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна (2005, філалагічны факультэт). Жыве ў Лідзе. Працуе ў рэдакцыі “Лідскай газеты”, з’яўляецца кіраўніком літаб’яднання “Суквецце” пры рэдакцыі. Сур’ёзна займацца складаннем вершаў пачаў пасля трыццаці гадоў. У 2015 годзе выйшла першая кніга паэзіі Алеся Мацулевіча “Леў і ключы”. На напісанне вершаў натхняюць багатая і слаўная гісторыя горада Ліды, дзень сённяшні, тыя ці іншыя яркія падзеі, якія адбываюцца на Лідчыне. Аднак у апошні час імкнецца ў сваёй творчасці выйсці “за рамкі” Лідчыны. Многія вершы маюць грамадзянскае гучанне і носяць публіцыстычнае адценне, на што свой адбітак паклала журналісцкая праца. У паэзіі цэніць шчырасць, навізну тэмы ці яе падачы, свежасць і адточанасць рыфмаў, бездакорнасць рытмікі. Пісаў на беларускай мове. Памёр 2 снежня 2024 г.

Да вашай увагі некалькі вершаў Аляксандра Мацулевіча.

ПОМНІК ПЕРШАДРУКАРУ

На гранітным пастаменце – помнік першадрукару, што зрабіў крок у бяссмерце… Вечны рух рукі ўгару… Дзякуем яму бязмежна, і пашана ў голасе, і не зарастае сцежка да Скарыны ў горадзе. Ён стаіць, адліты ў бронзе. Ён увекавечаны. Помні аб яго дарозе, кнігу ўзяўшы ўвечары. Кнігі друкаваў, шырокі меў вучоны кругагляд – помні, кнігу ўзяўшы ў рукі, пра яго жыццёвы шлях.

​

ПАДАННЕ АБ ПАКІНУТАЙ ВАРЦЕ

Што шэпчаш, вецер з глябіні вякоў, што крыламі ўздымаў плашчы з крыжамі?.. На замак рушыць процьма крыжакоў. У замку – войска, князь да гараджане. Спужаўся князь – і з войскам уначы паспешна ўцёк праз патайную брамку. Пакінуў перад тым, як уцячы, ён жменьку вартавых на сценах замка. На гібель пэўную пакінуў князь няшчасных, крыжакам на разарванне: нічога не каштуе жменьку зняць у чырванню афарбаваным ранні. А раніцай да брамкі вораг лез, ад радасці ў шчыты ўдараў мячамі – ды вартавых сустрэў мячоў тых лес, што кроў сваю з варожаю змяшалі.

Асноўныя творы

Мацулевіч, А. Бронзавы Гедымін : Лідскія рыфмаваныя мініяцюры / Алесь Мацулевіч. — Ліда : Пружмень, 2024. — 91 с.

Мацулевіч А. Горад-карабель: вершы / Алесь Мацулевіч. – Ліда, 2019. – 84 с.

Мацулевіч, А. Леў і ключы / А. Мацулевіч. – Ліда, 2015. – 92 с.

Мацулевіч, А. Вершы / Алесь Мацулевіч // Ад лідскіх муроў : літар.-маст. зборнік 2012-2015гг. / гал. рэд. Станіслаў Суднік ; уклад. Станіслаў Суднік, Алесь Хітрун. – Ліда, 2015. – № 8. – С. 123-132.

Аб жыцці і творчай дзейнасці

Суднік, С. Алесь Мацулевіч : [біяграфічная даведка] // Ад лідскіх муроў : літар.-маст. зборнік 2012-2015гг. / гал. рэд. Станіслаў Суднік ; уклад. Станіслаў Суднік, Алесь Хітрун. – Ліда, 2015. – № 8. – С. 123.

Мацулевіч, А. Падарунак гораду – яго лірычны жыццяпіс / Алесь Мацулевіч // Лідская газета. – 2019. – 29 мая. – С.12.

Мацулевіч, А. “У гэтай кнізе – азбуцы – ёсць словы беларускія…” / Алесь Мацулевіч // Лідская газета. – 2021. – 20 лют. – С. 8.

Міхайлаў, А. “Верасень” адкрыты і для лідскіх творцаў / Аляксей Міхайлаў // Лідская газета. – 2015. – 4 лют.

Панямонаў, А. Выйшаў зборнік “Леў і ключы” лідскага паэта Алеся Мацулевіча / Андрусь Панямонаў // Наша слова. – 2015. – 29 крас. – С. 8.

Яхантава, В. Пад сілу і драматургічны жанр / Вольга Яхантава // Лідская газета. – 2015. – 23 крас. – С. 17.

Яхонтова, О. М. Голас паэта, які ўслаўляе Лідчыну / Вольга Яхантава ; фота // Лідская газета. — 2024. — 27 студз. — С. 5.