← Базы данных

Гушчынскі Іван

Гушчынскі Іван

Гушчынскі Іван Сцяпанавіч нарадзіўся 7 ліпеня 1951 года ў вёсцы Парэчча Лідскага раёна. У 1968 годзе скончыў сярэднюю школу, а ў 1972 годзе закончыў філалагічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы. Працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў школах Лідчыны. У 1973-1974 гг. служыў у шэрагах Савецкай Арміі ў Беларускай вайсковай акрузе. Друкуецца з 1974 года. З’яўляецца актыўным сябрам літаратурнага аб’яднання “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай газеты”. Аўтар зборніка вершаў “Ідзі і вяртайся” (2010 г.)

Да вашай увагі некалькі вершаў Івана Гушчынскага.

ГАРМОНІК ГРАЕ

Там, за лугам, гармонік грае… Рэчка – быццам юнацтва парог.

І чаго яшчэ сэрца чакае? Для каго яшчэ песня гукае з летуценных юнацкіх трывог? Узбягу на забытую кладку на сустрэчу з той песняй хутчэй, бо і месяц свой танец – загадку з купай зорак танцуе ў прысядку. Толькі час спраўней рэчкі цячэ. А за лугам – гармонік грае песню даўніх, шчаслівых трывог. І чаго яшчэ сэрца чакае? Для каго яшчэ песня гукае, кліча, кліча з далёкіх дарог?

* * *

Вяртанне ў любы сэрцу край, Як ад чужых, калючых ружаў. Здароў, спавіты бэзам май! Здароў, вясенні ветрык дужы! Заве дамоў страла шашы? Ці мо звініць нязвонка чарка? У кутку затоеным душы ў хмару вырастае хмарка. І здасца раптам: не будзь там – Трава не вырасце зялёнай, І я спыніўся тут не сам, А толькі цень пад гонкім клёнам. Вяртанне ў любы сэрцу край, Як ад чужых, калючых ружаў… У душы – спавіты бэзам май, лістом матуліным абуджан.

Асноўныя творы

Гушчынскі, І. Ідзі і вяртайся : вершы / Іван Гушчынскі. – Ліда, 2010. – 92 с.

Гушчынскі, І. Лета. Ліпень. Нядзеля. Патухшая зорка : вершы / Іван Гушчынскі // Лідская газета. – 2016. – 17 жніўня. – С. 11.

Гушчынскi, I. Вершы // Лiдскi Летапiсец. – 2011. – № 3. – C. 56-57.

Аб жыцці і творчай дзейнасці

Івану Гушчынскаму – 65 год // Лідская газета. – 2016. – 17 жніўня. – С. 11.

Васько, У. “А за лугам гармонік грае песню даўніх шчаслівых трывог…” : лідскі паэт Іван Гушчынскі / У.Васько // Лiдская газета. – 2011. – 5 ліпеня. – C. 6.

Хiтрун, А. “Для мяне паэзія – свята, а ў гэтым свяце шмат маіх сяброў” : Лідскі паэт Іван Гушчынскі ; А. Хітрун // Лiдскi Летапiсец. – 2011. – № 3. – C. 52-55.