← Базы данных

Граніт Пятрусь

Пятрусь Граніт

Граніт Пятрусь (Івашэвіч Іван Пятровіч) – (11(24).01.1909 – 14.01.1980) нарадзіўся ў вёсцы Зачэпічы Лідскага павету (цяпер Дзятлаўскага раёна) у сялянскай сям’і, вучыўся ў Беліцкай вячэрняй школе ў 1930-я гады. Працаваў дарожным рабочым, у 1930-я гады ўступіў у шэрагі КПЗБ. Прымаў удзел у нелегальным з’ездзе беларускіх пісьменнікаў у Вільні ў 1933 годзе. У сакавіку 1940 года прыязжаў у Ліду ў сувязі з прыездам туды Янкі Купалы. Выступаў з Купалам і іншымі пісьменнікамі перад насельніцтвам горада. Пасля аб’яднання працаваў старшынём Беліцкага сельсавета (1940-1941 гг.). У гады Вялікай Айчыннай вайны быў сувязным партызанскай брыгады “Барацьба”. Скончыў Наваградскую педнавучальню (1950), працаваў настаўнікам, загадчыкам пачатковай школы ў Зачэпічах (1945-71).

У друку ўпершыню выступіў у 1933 г. у “Беларускай газеце”. Публікаваўся ў газетах “Наша воля”, “Беларуская газета”, “Папросту”, у часопісах “Асва”, “Беларускі летапіс”, “Шлях моладзі”. Выдаў кнігу вершаў для дзяцей “Сцяжынка” (1978). Цыклы вершаў былі апублікаваны ў зборніках “Сцягі і паходні” (1965), “Ростані волі” (1990), друкаваўся ў лідскіх газетах “Сцяг працы” і “Уперад” у 1963-76 гг.

Псеўданімы: Гвозд. Мацей; Граніт Пятрусь; Граніт П.; Гранит Петрусь Асноўная тэма тагачасных твораў – лёс вясковай беднаты, крытыка палітыкі нацыянальнага ўціску, заклікі да ўз’яднання з БССР. Пасля Вялікай Айчыннай вайны ў паэта пераважалі грамадска-публіцыстычная лірыка, вершы для дзяцей.

Да вашай увагі некалькі вершаў Пятруся Граніта.

БРУКАР

Брукар молатам сталёвым Звоніць, б’е па камянёх: Хоча шлях пракласці новы, Каб не раніць людзям ног. Утрымае цяжкі молат Мазалістая далонь. Размахніся – як той волат, Высякаючы агонь! Толькі рэха раздаецца, Іскры свецяць у вачах. Камень сцелецца-кладзецца – Пракладае новы шлях. Новы шлях прамы і роўны, Каб не раніць болей ног. Па ім пойдзе люд працоўны Да святла і перамог.

​

МУЖЫЦКАЯ ВОСЕНЬ

З палёў даўно сабралі Збажыну мужыкі, І па вясковых далях Цяпер грымяць такі. З братвы мужыцкай, шэрай Бязмежна кожны рад, Што хлеба сціплай мерай Мо хопіць да Каляд. Праходзяць дні без мовы, І толькі вецер дзьме, Сустрэчны гімн суровай Складаючы зіме. Далёка ў небным полі Крык жураўлёў замоўк, А над мужыцкай доляй Завые сёння воўк.

Асноўныя творы

Граніт, П. Сцяжынка: Вершы: для дашкальнага ўзросту / П. Граніт ; маст. Л. Зяневіч. – Мінск : Маст.літ., 1978. – 24 с.

Аб жыцці і творчай дзейнасці

Хітрун, А. Брукаванае слова Петруся Граніта / Алесь Хітрун ; фота // Літаратура і мастацтва. — 2024. — 19 крас. — С. 14.

Башлакоў, М. Пятрусь Граніт / М. З. Башлакоў // Памяць: Гiст.-дак. хронiка Лiды i Лiд. р-на / рэдкал. : В. Г. Баранаў і [інш.]. – Мінск, 2004. – C. 162.

Граніт Пятрусь // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / рэдкал. І. Э. Багдановіч [і інш.]. – Мінск : Бел.энцыкл., 1993. – Т.2. – С. 243-244.

Жалкоўскi, А. На пасадзе старшыні вершы шчырыя складаў / А. Жалкоўскі // Лiдскi Летапiсец. – 2009. – № 1-2. – C. 28.

Круповіч, А. Па дарогах жыцця паэта-брукара / Аляксей Круповіч // Наша слова. – 2020. – 18 лістап. – С. 7-8.

Пяткевіч, А. М. Граніт Пятрусь // Людзі культуры з Гродзеншчыны : даведнік / А. М. Пяткевіч. – Гродна, 2000. – С. 73.

Спiцын, А. Пятрусь Граніт / А.Спіцын // Роднае слова. – 2009. – №1. – С. 31.