Багушэвіч Фр.








Францішак Багушэвіч
Францішак Бенядзікт Багушэвіч (1840-1900), беларускі паэт, ідэолаг нацыянальнага адраджэння, вызваленчага дэмакратычнага руху, пачынальнік новай беларускай літаратуры. Скончыў Віленскую гімназію (1861), паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта. Але за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях з універсітэта выключаны. Вярнуўся на радзіму, працаваў настаўнікам у вёсцы Доцішкі. Удзельнік паўстання 1863, быў паранены. Ратуючыся ад улад, перабраўся на Украіну. У 1865 паступіў у Нежынскі юрыдычны ліцэй і скончыў яго ў 1868. Працаваў у розных судовых установах, з 1884 – у судовай палаце ў Вільні. У віленскі перыяд найбольш інтэнсіўна разгарнулася яго літаратурная і публіцыстычная дзейнасць. Пад псеўданімамі Мацей Бурачок, Сымон Рэўка з-пад Барысава выдаў свае вершаваныя зборнікі “Дудка беларуская” (1891) і “Смык беларускі” (1894), апавяданне “Тралялёначка” (1892). Творы яго прасякнуты пачуццямі глыбокай любві да роднага краю, вернасці свайму народу і зямлі, на якой нарадзіўся і вырас. Пазіцыя Багушэвіча як выразніка нацыянальна-патрыятычнай свядомасці вызначалася імкненнем даць гістарычнае і канкрэтнае этна-тэрытарыяльнае абгрунтаванне рэальнай суверэннасці і самастойнасці беларускага народа. Абарона каштоўнасцей мінулага, мовы як цэнтра духоўнага існавання народа і яго культуры, у т. л. і фальклору, і сёння ўваходзіць у склад арганічных кампанентаў нацыянальнай свядомасці беларусаў. Калі казаць пра Лідчыну, то ў спіс праславіўшых яе можна аднесці і Ф. Багушэвіча. Цікавыя звесткі пра наш край згадваюцца ў яго лістах да Яна Карловіча, у допісах і нататках у часопісе “Kraj”. Францішак Багушэвіч меў жывую цікавасць да Лідчыны, меў моцную повязь з самой Лідай. Гэтая повязь не перапынялася і пасля смерці: яго ідэі жыватворным зернем упалі на душы многіх лідзянаў. Адной з іх, вядома, была наша паэтка-рэвалюцыянерка Алаіза Пашкевіч (Цётка).
Прапануем вашай уваге ўрывак з паэмы “Кепска будзе!”
КЕПСКА БУДЗЕ /урывак/
Так пад вечар ў мейсцы сталі, У халоднай начавалі, – Было позна. Заўтра зрання, Якраз у дзень Звеставання*, Клічуць мяне да дапросу (Задаваць-то ужо чосу!). Той судзебнік маладзенькі, Такі быстры, хоць маленькі, Ўсё пытаецца ды піша І нагой усё калыша. Як спытаўся мяне, хто я? Я і спомніў сабе тое, Як вучыў там той з астрога: “Знаць не знаю я нічога!” І старога тут клікнулі, Папыталіся, раскулі І дадому павярнулі. А мне кажа: “Ты, брадзяжка, Сакрыў званне, будзе цяжка: Сорак розаг, потым роты! Скажы лепей – адкуль, хто ты?” А ўсё піша, піша, піша І нагой усё калыша. Пісаў, пісаў, даў другому І сам пайшоў кудысь з дому. Мяне зноў жа да астрогу, Толькі цяпер, дзякуй Богу, Адзінокі я застаўся. Айчым плакаў, як жагнаўся. “Помні, – кажа, – мяне, сыну, А я хіба што сам згіну, А цябе вярну да вёскі, Хіба б ужо гнеў быў Боскі Або б Праўда гдзесьці змёрла! Вырву цябе ім із горла: Бог паможа, проці сілы Праўда выйдзе, як з магілы!” Сказаў гэта, пакланіўся Ды ізноў слязьмі заліўся. І мне стала ў вачах цьмяна, Зашчымела ў сэрцы рана, Як бы штосьці адарвала, Сам не знаю, што мне стала? Калі гляну, ачунеўшы, – Я ў шпіталі, захварэўшы… Галава мая абрыта, Твар вадой ці чым абліты, А піць хочацца… здаецца, Рэчку б выпіў, каб пры рэчцэ! Так я праляжаў тры тыдні, Прадаў усе свае злыдні; Надта есці стаў памногу І паправіўсь, дзякуй Богу! Я ж тут ляжу, і ні рэчы, Што там стары гаспадара. А ён торбу ўзяў на плечы, Па начальству просьбы жара! Трэйчы Вільню, сем раз Ліду Ён адведаў. Трэба ж ведаць, — Прысягнуў, покі я выйду, Навет дома не абедаць! Раздабыў усе паперы, Запісаў мяне ў сказку…
Асноўныя творы
Багушэвіч, Ф. Выбраныя творы / Францішак Багушэвіч ; [укладанне з тэксталагічнай падрыхтоўкай, прадмова і каментар Я. Янушкевіча]. – Мінск : Беларуская навука, 2015. – 445 с., [4] л. іл., партр. – (Беларускі кнігазбор).
Багушэвіч, Ф. Творы / Францішак Багушэвіч ; прадм. Я.Янушкевіча. – Мінск : Мастацкая лiтаратура, 2009. – 150 с.
Аб жыцці і творчай дзейнасці
Бацька беларускай нацыі : матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі “Трэція Лідскія чытанні”, прысвечанай 175-годдзю з дня нараджэння Францішка Багушэвіча / Дзяржаўная ўстанова культуры “Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы”, Аддзел бібліятэчнага маркетынгу; склад. Т.В. Чайко, А.М. Казакова, рэд. і камп. афарм. Д.А. Марцінкевіч. – Ліда, 2015. – 35 с.
Завадскi, А. Зубраны. Жупраны. Багушэвіч…. : Францішак Багушэвіч і вёска Жупраны ; А. Завадскі // Гродзенская праўда. – 2004. – 13 сакавіка. – C. 13.
Лаўрэш, Л. Л. Распаўсюд вершаў Багушэвіча на Лідчыне пры канцы ХІХ-га ст. / Леанід Лаўрэш // Лідскі Летапісец. – 2015. – № 4. – С. 20-21.
Лаўрэш, Л. Багушэвіч на Лідчыне пры канцы 19-га ст. / Л. Лаўрэш // Наша слова. – 2014. – 4 чэрвеня. – C. 2.
Рагойша, В. Францішак Багушэвіч у інтэр’еры стагоддзя : да 170-годдзя з дня нараджэння і 110-годдзя з дня смерці пісьменніка / Вячаслаў Рагойша // Беларуская думка. – 2010. – № 3. – C. 114-120.
Содаль, У. …Сем раз Ліду ён адведаў : Францішак Багушэвіч / Уладзімір Содаль // Лiдскi Летапiсец. – 2005. – № 3 (31). – C. 9-10.