← Базы данных

Баборык Ганна

Ганна Баборык

Баборык Ганна Уладзіміраўна нарадзілася 7 жніўня 1959 года ў вёсцы Моцевічы Жалудоцкага раёна Гродзенскай вобласці. Скончыла Мінскі інстытут культуры (1980). Працавала ў сферы культуры горада Ліды. Ганна Уладзіміраўна з’яўлялася салісткай народнага ансамбля народнай музыкі “Гудскі гармонік” філіяла “Гудскі цэнтр творчасці і вольнага часу”. Аўтар тэкстаў многіх песень, якія выконваюцца ансамблем, створаных у творчым саюзе з кіраўніком калектыву Колышка А.А., іншымі самадзейнымі кампазітарамі. Аўтар урачыстай песні пра Ліду.

Да вашай увагі некалькі вершаў Ганны Баборык.

Песня-гімн “Слаўся, Ліда!”

(музыка – Вячаслаў Пыпець,

словы – Ганна Баборык)

​

Дзяўчынай юнай з сінімі вачамі, Нягледзячы на сталы твой узрост, Глядзіш на свет царыцай велічавай, Мой родны горад, ў зелені бяроз.

Прыпеў: Ліда, цябе праславіў твой народ! Ліда, ты прыгажэеш з году ў год! Ліда, табе я сэрца аддаю! Славу свайму я гораду пяю!

​

Ты з гонарам нясеш сваю паставу Ад Гедыміна і да нашых дзён І Магдэбурскага дастойна права — Табе адной сардэчны мой паклон.

Прыпеў:

Ліда, цябе праславіў твой народ!

Ліда, ты прыгажэеш з году ў год!

Ліда, табе я сэрца аддаю!

Славу свайму я гораду пяю! Мая Радзіма, горад мой адзіны, Хачу каб ты квітнеў і працвітаў. Для многіх ты народаў стаў Айчынай, Мой родны непаўторны Лідскі край.

Прыпеў:

Ліда, цябе праславіў твой народ!

Ліда, ты прыгажэеш з году ў год!

Ліда, табе я сэрца аддаю!

Славу свайму я гораду пяю!

З гадамі набываеш болей сілы І расцвітаеш кожны год ярчэй, І голас Ліды ў роднай Беларусі Штогод усё мацней і ўсё званчэй!

УСПАМІН АБ РАДЗІМЕ

Колькі ўжо раз, ад’язджаючы з дому, Я ўспамінала радзімы куток: Бераг, дзе ўдзень спачывала ад стомы, Стройны, над самым абрывам дубок.

Я ўспамінала жытнёвае поле, Мілыя сэрцу майму васількі, Неба радзімы, што душу спатоліць, Песню, што гуртам падхопяць жанкі.

Мусіць, няма ва ўсім белым свеце Гэткай прываблівай свежай красы. Толькі ў нас, можна лёгка прыкмеціць, Колеру жыта ў дзяўчат валасы.

***

Каля рэчкі, каля гаю Свайго любага чакаю. Ты прыйдзі хутчэй, каханы, Мой салодкі, мой чаканы. Залюблю, і зацалую, Ды вачыма зачарую, І спляту з расін вяночак, Каб прыгожы быў мой хлопчык. За ракой пяе зязюля. Чую, кліча ўжо матуля.

Асноўныя творы

Баборык, Г. Вершы / Ганна Баборык // Ад лідскіх муроў : літар.-маст. зборнік 2012-2015гг. / гал. рэд. Станіслаў Суднік ; уклад. Станіслаў Суднік, Алесь Хітрун. – Ліда, 2015. – № 8. – С. 44-49.

Баборык, Г. Слаўся Ліда! Мой горад – Ліда : песні / Ганна Баборык // Мой любы горад Ліда: зборнік вершаў / склад. Т. І. Зенюкевіч, рэд. І. Г. Белуш. – Ліда, 2008. – С. 44-45.

Аб жыцці і творчай дзейнасці

Баборык Ганна Уладзіміраўна // Ад лідскіх муроў : літар.-маст. зборнік 2012-2015 гг. / гал. рэд. Станіслаў Суднік ; уклад. Станіслаў Суднік, Алесь Хітрун. – Ліда, 2015. – № 8. – С.44.