← Базы данных

Карэйва Юры

Юры Карэйва

Карэйва Юры Іванавіч (29.05.1961 – 05.01.2021 гг.) нарадзіўся ў Лідзе. Скончыў ДУА “Сярэдняя школа № 4 г. Ліды” (1978 г.) і філалагічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы (1995 г.). Працаваў выкладчыкам у Гародні ў СШ № 26 і 18. Навучаўся пры касцёле Святога Духа ў Вільні, а потым вучыўся ў Маскве ў Сучасным Гуманітарным Універсітэце на юрыдычным факультэце. З вершамі Юры Карэйва выступаў у многіх рэспубліканскіх выданнях. Быў рэдактарам альманахаў “Ад лідскіх муроў” (№ 4, № 5). Аўтар зборнікаў вершаў “Краявід” і “З разбітае ліры”. Напісана ім і не выдадзена сотні паэтычных твораў. Калі Юры Карэйва вучыўся ў Гродзенскім універсітэце, ён быў адным з актыўных сяброў універсітэцкага літаб’яднання “Наднёманскія галасы”, яго вершы з задавальненнем друкавалі розныя беларускія выданні. Паэтычныя радкі паэта адрозніваліся ад іншых сваёй філасофічнай афарбоўкай і роздумам пра жыццё.

Да вашай увагі некалькі вершаў Юрыя Карэйвы.

АЛЬКА З ЛЯЛЬКАЙ

– Чаго плачаш, Алька, не гуляеш з лялькай? – Бо падкраўся коцік і зняў з яе боцік, ды схаваўся недзе, ледзь паспела згледзець… Ні коціка – ні боціка! Злаві, тата, коціка! – Я злаўлю таго ката, будзе коцю а-та-та! – Біць не трэба, тата, будзе плакаць надта!..

​

* * *

Вярнуўся вецер у даліну, цалуе выспелыя гронкі у прыгажуні арабіны, і вераб’іны гоман звонкі ірвецца ў вырай, атуліла пяшчота ўсё, што бачна воку: і плынь заток – палон аблокаў, і вербаў косы, што пахіла спадаюць долу, дзе чароты сум вечаровае самоты на волкіх голавах гайдаюць, дзе хвалі ціхенька спяваюць зараніцы-зорцы калыханку, калышучы яе да ранку, хаця ж даўно заранка тая спіць, спаць ёй – покуль не растае ў праменнях дня, як засвітае. Чаму сюды, я й сам не знаю, як да якойсьці таямніцы, усёй душой імкну заўсёды, бы ў сне чароўным асалодным, спыняюся ля гэтых ніцых мясцінак дзіўных, дзе – крыніца, дзе плыняў ціхіх галашэнне… Радзіма – сон, з якога быццам няма ніколі абуджэння.. То ж трэба гэткаму прысніцца…

Асноўныя творы

Карэйва, Ю. Вершы / Ю. Карэйва // Шлях: Зборнік вершаў. – Гродна: Гродзен. абласная друкарня, 1991. – С. 50-63.

Карэйва, Ю. Вершы // Ад лідскіх муроў. – 2001. – № 5. – С. 12-15.

Карэйва, Ю. Вершы // Маладосць. – 2000. – № 12. – С. 7-10.

Карэйва, Ю. Вершы // Роднае слова. – 2000. – № 12. – С. 99-100.

Карэйва, Ю. Вершы // Ад лідскіх муроў. – 1999. – № 2/3. – С. 32-35.

Карэйва, Ю. Вершы // Ад лідскіх муроў. – 1998. – № 1. – С. 19-22.

Карэйва, Ю. Вершы // Літаратура і мастацтва. – 1991. – 25 студз. – С. 8

Карэйва, Ю. Вершы // Чырвоная змена. – 1991. – 17 лютага. – С. 4.

Карэйва, Ю. Зорная мроя. Парад…: вершы // Маладосць. – 1991. – № 7. – С. 4.

Карэйва, Ю. Краявід. Паганае месца : Вершы / Юры Карэйва // Краса i сiла: Анталогiя беларускай паэзii ХХ стагоддзя. – Мінск, 2003. – C. 759-760.

Карэйва, Ю. Лера : Праўдзівы Сказ // Лідскі Летапісец. – 2000. – № 2. – С. 30. Карэйва, Ю. Прамяністым раем чыстым… : Верш / Юры Карэйва // Poems on Liberty. – 2004. – С. 148-149.

Карэйва, Ю. Прызнанне : верш / Ю. Карэйва // Лiдская газета. – 2010. – 9 лютага. – C. 6.

Карэйва, Ю. Самотнік: вершаваны аповед // Ад лідскіх муроў. – 2000. – № 4. – С. 24-29.

Аб жыцці і творчай дзейнасці

Баль, Б. Не стала таленавитага паэта Юры Карэйва / Барыс Баль // Наша слова. – 2021. – 10 лют. – С. 7

Юры Карэйва (нар. 29 траўня 1961г. у Лідзе) // Лiдскi Летапiсец. – 2011. – № 2 (54). – C. 17 .